У гэтыя дні мы адзначаем асаблівы юбілей: 20 гадоў таму, падчас пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, пачаўся шлях Руху «За Свабоду».
Тады з ініцыятывай выступіў адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч, і яго падтрымала большасць кіраўнікоў выбарчых штабоў па ўсёй краіне.
Гэта былі гады насычанай гісторыі — з поспехамі, цяжкімі выпрабаваннямі і балючымі стратамі. Мы памятаем Вітольда Ашурка, якога забіў рэжым, памятаем дзясяткі сяброў Руху, што прайшлі праз турмы і дагэтуль застаюцца за кратамі. Але нягледзячы на ўсё, арганізацыя працягвае сваю працу. Рух «За Свабоду» — гэта моцная каманда, у якой ёсць досвед, імпэт, планы і адказнасць перад Беларуссю і ўсімі, хто верыць у яе свабодную будучыню.
Віншуем усіх сяброў, актывістаў, добраахвотнікаў, партнёраў і прыхільнікаў. Дзякуй вам за працу, салідарнасць і веру ў тое, што Беларусь будзе вольнай.
З Днём Волі і з 20-годдзем Руху «За Свабоду»!