Дэлегацыя Каардынацыйнай Рады ў складзе Ірыны Халопіцы (Каманда Латушкі і Рух «За свабоду»), Юрыя Губарэвіча (Каманда Латушкі і Рух «За свабоду») і Аляксандры Дойніч «Наступ» прыняла ўдзел у 50-й сесіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы.
Дэлегацыя ў цяперашнім складзе завершыла сваю працу ў Кангрэсе. Ад таго, як прагаласуюць беларусы, будзе залежыць наступны склад Каардынацыйнай Рады і магчымасць мець сваю афіцыйную дэлегацыю ў органе, які займаецца пытаннямі мясцовага самакіравання ў Еўропе.
Галоўнай падзеяй сесіі стала рашэнне Бюро Кангрэса аб падрыхтоўцы спецыяльнага даклада аб ролі мясцовых і рэгіянальных улад у падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ў выгнанні. Важна адзначыць, што асобны даклад па сітуацыі ў Беларусі рыхтуецца ўпершыню ў гісторыі мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы.
Яшчэ адным беспрэцэдэнтным дасягненнем стала дамоўленасць аб тым, што сябры Каардынацыйнай Рады, новай дэлегацыі КР у Кангрэсе, змогуць прымаць удзел у маніторынгавых місіях па назіранні за мясцовымі выбарамі ў дзяржавах-членах Рады Еўропы. Гэта беспрэцэдэнтнае і вельмі важнае палітычнае рашэнне Кангрэса, якога ўпершыню ўдалося дабіцца дэлегацыі нашай краіны.
Упершыню ад Беларусі ў сесіі Кангрэса ў моладзевай дэлегацыі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ад усіх краін-членаў Рады Еўропы, прыняў удзел прадстаўнік беларускай моладзі. Гэта стала вынікам супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння з Кангрэсам дэлегацыі Каардынацыйнай Рады. У працэсе адвакацыі ўдзельнічаў БНМС РАДА.
Падчас сесіі прайшлі двухбаковыя сустрэчы з дэлегацыямі Бельгіі і Германіі, дзе абмяркоўвалі арганізацыю стажыровак для беларусаў у мясцовых органах улады гэтых краін. Гэта дапаможа атрымаць неабходны досвед для рэалізацыі рэформаў у новай Беларусі.
Таксама беларуская дэлегацыя прадставіла інфармацыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі падчас пасяджэння палітычнай групы Еўрапейская народная партыя (ЕНП), сябры якой уваходзяць у Кангрэс.
Прадстаўнікі ЕНП выказалі падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі і Каардынацыйнай Радзе ў яе працы. Таксама яны заявілі аб недапушчальнасці сітуацыі, калі ў цэнтры Еўропы існуе дыктатура, якая не турбуецца аб правах чалавека.
Намеснік Генеральнага сакратара Савета Еўропы Б’ёрн Бергэ падчас выступу на пленарнай сесіі Кангрэса адзначыў:
«Адзін ясны мэсадж, які мы павінны даць і паўтараць, — гэта тое, што мы падтрымліваем вас. Мы падтрымліваем дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі праз розныя праекты, сустрэчы і палітычны дыялог. Мы тут, мы падтрымліваем вас, і давайце працягваць дыялог».