Перайсці да змесціва

Рух «За Свабоду»

Рух «За Свабоду» узнік у 2006 годзе, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў, вырашыў заснаваць новую арганізацыю. 

Першыя актывісты запісваліся проста на вуліцах Мінска ў Дзень Волі — 25 сакавіка 2006 года. Праз год, 20 траўня 2007-га, у Горадні адбыўся ўстаноўчы з’езд, аднак на шляху да афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыя сутыкнулася з супрацівам уладаў. Міністэрства юстыцыі тройчы адмаўляла ў рэгістрацыі, і толькі 17 снежня 2008 года, з чацвёртай спробы, Рух быў прызнаны легальнай структурай.

З таго часу «За Свабоду» стаў адным з ключавых цэнтраў дэмакратычнай думкі і грамадскай актыўнасці ў краіне. Арганізацыя ставіць перад сабой дзве вялікія задачы: абарону правоў і свабодаў чалавека і асвету грамадства, каб беларусы ведалі пра свае правы і ўмелі іх адстойваць.

У аснове дзейнасці Руху — каштоўнасці дэмакратыі, незалежнасці, нацыянальнага адраджэння, развіцця грамадзянскай супольнасці і еўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Мы выступаем за парламенцкую дэмакратыю, дэцэнтралізацыю ўлады і пашырэнне ролі беларускай мовы і культуры.

У 2008 годзе Рух заснаваў прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава

Прэмія «За свабоду думкі» ўручалася штогод да 2020 года на радзіме народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну ў дзень нараджэньня пісьменьніка — 19 чэрвеня.

Ляўрэатамі прэміі ў розныя гады былі Рыгор Барадулін, Уладзімер Арлоў, Павал Севярынец, Алесь Пушкін, Ада Райчонак, Уладзімер Някляеў, Лявон Вольскі, Аляксандар Белакоз, Зьміцер Вайцюшкевіч, Алесь Марачкін, Віктар Шалкевіч, Ніл Гілевіч.

У 2016 годзе Рух заснаваў прэмію імя Віктара Сырыцы, баранавіцкага краязнаўцы і гісторыка. У розныя гады ляўрэатамі прэміі станавіліся: Галіна Ярашэвіч з Баранавічаў — за арганізацыю музычнага фэстывалю ў гонар Яна Чачота, Эдыта Бранцэвіч са Смаргоні — за стварэнне беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку, Хрыстафор Жаляпаў — за правядзеньне канфэрэнцыі «Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасць».

З 2012 году рух «За свабоду» ладзіў імпрэзы ў памяць выбітнага драматурга, публіцыста і праваабаронцы, апошняга прэзыдэнта Чэхаславаччыны і першага прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла.

Вечарыны традыцыйна праходзяць блізка да даты абвяшчэньня чэхаславацкай «Хартыі-77» (6 студзеня 1977 году Гавэла арыштавалі за подпіс пад гэтым знакамітым дакумэнтам). Вядомыя беларусы чытаюць урыўкі з п’есаў Гавэла, выступаюць чэскія дыпляматы, а таксама літаратары, музыкі.

Рух быў ініцыятарам шматлікіх палітычных кампаній. «Народная праграма» ў 2011 годзе выпрацоўвала канцэпцыі рэформаў з дапамогай экспэртаў і шырокага грамадзкага абмеркавання. «Народны рэфэрэндум» у 2013 годзе павінен быў вызначыць, як развівацца краіне. Было сабрана 120 тысяч подпісаў грамадзянаў за рэфэрэндум. Рух таксама выступаў (сам ці поруч з іншымі грамадзкімі арганізацыямі) ініцыятарам кампаній «Права выбару», «Страху няма!», «Байкот 101» ды іншых.

Актывісты руху бралі актыўны ўдзел у парлямэнцкіх выбарчых кампаніях 2016 і 2019 году. Да прыкладу, ад Руху ў 2019 годзе было вылучана каля 90 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Большасьць з іх не зарэгістравалі.

У 2016 годзе адбыліся перавыбары кіраўніка Руху «За свабоду» — Аляксандар Мілінкевіч пасля 10 гадоў старшынявання склаў свае паўнамоцтвы. Новым старшынём Руху абралі Юры Губарэвіча. За яго прагаласавалі 59 з 115 дэлегатаў справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі. За галоўнага апанэнта Губарэвіча — Алеся Лагвінца — прагаласаваў 51 дэлегат.

За гады сваёй працы Рух «За Свабоду» атрымаў прызнанне ў Еўропе і стаў часткай Еўрапейскай народнай партыі (EPP) — найбуйнейшага аб’яднання правацэнтрысцкіх і дэмакратычных партый Еўрасаюза. Гэта сяброўства адкрыла магчымасць для шырокага міжнароднага супрацоўніцтва і падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл.

Лідар Руху Юрый Губарэвіч вылучаўся і ў кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году. Аднак 19 чэрвеня зняў сваю кандыдатуру, бо «ў цяперашняй выбарчай кампаніі не засталося і рэшткаў законнасці», — заявіў ён.

Пасля падзей 2020 года многія сябры Руху апынуліся пад пагрозай палітычных рэпрэсій і былі вымушаныя пакінуць краіну. 

19 лістапада 2021 году Вярхоўны суд Беларусі на прапанову Міністэрства юстыцыі прыняў рашэнне аб пазбаўленні рэгістрацыі Руху «За свабоду», але гэта не спыніла яе існаванне.

«Фармальнае пазбаўленне легальнага статуса арганізацыі не здольнае забраць у актывістаў Руха пачуццё веры ў слушнасць абранага шляху, салідарнасць і ўзаемападтрымку сяброў Руху.

Ад моманту стварэння, Рух «За Свабоду» ставіў выразныя палітычныя мэты. Мы працавалі на пабудову новай, сучаснай, эўрапейскай Беларусі. У 2020 годзе мы ўсе адчулі, што гэтыя мэты падзяляе велізарная частка беларускага грамадзтва.

Мы нясем адказнасць за лёс краіны і разумеем той факт, што без кардынальных зменаў у Беларусі аднаўленне легальнай дзейнасьці не магчыма. У новай Беларусі Рух «За Свабоду» атрымае легальны статус палітычнай партыі якая на ўсіх узроўнях выбарных органаў улады будзе прадстаўляць інтарэсы пра-эўрапейска арыентаванай часткі грамадзтва. Мы працягнем рабіць усё магчымае, каб гэты час як мага хутчэй прыйшоў».

Рух захаваў сваю структуру і працягвае дзейнасць, падтрымліваючы беларусаў ідэяй дэмакратычнай, незалежнай, еўрапейскай краіны.

Асабліва балючым з’яўляецца той факт, што больш за дзесяць сябраў Руху «За Свабоду» з’яўляюцца палітвязнямі. А рэгіянальны каардынатар па Гродне і вобласці Вітольд Ашурак загінуў у турме ў выніку жорсткага стаўлення ўлады. Ягоная смерць стала сімвалам таго, якой цаной даводзіцца змагацца за свабоду ў Беларусі.