V Канферэнцыя беларусаў свету адбылася 1 і 2 траўня ў Варшаве. Гасцей чакала насычаная праграма: ад дыскусій і прэзентацый да прац у групах і нэтворкінгу. Тэмы падзеі таксама былі рознымі: як палітыкі да культуры.
Удзельнікам івэнту быў і сённяшні Госць Рацыі – палітык, прадстаўнік кааліцыі «Латушка і Рух «За Свабоду» у Каардынацыйнай Радзе, каардынатар праекта «Кадравы рэзерв» Юры Губарэвіч. Дзеяч падзяліўся сваімі ўражаннямі ад Канферэнцыі ў размове з нашай журналісткай Марынай Савіцкай.
РР: Якія Вашыя галоўныя ўражанні ад V Канферэнцыі беларусаў свету ў Варшаве?
Юры Губарэвіч: Вельмі добра, што традыцыя працягваецца, што ёсць магчымасць у беларусаў з розных краін, прынамсі раз на год сустрэцца па мэтавай тэматыцы, паразмаўляць пра тыя поспехі, дасягненні, альбо няўдачы ці праблемы, якія існуюць у беларускай дыяспары, абмяняцца досведам і выпрацаваць супольныя падыходы як паляпшаць жыццё тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну.
РР: Што датычна тэмаў, якія ўздымаліся падчас падзеі, якія з іх былі найбольш важныя менавіта для Вас?
Юры Губарэвіч: Канешне ж, выбары ў Каардынацыйную Раду, можа быць гэта не настолькі штодзённае пытанне для беларусаў, якія з’ехалі, але важнае стратэгічна. Бо мець сваё абранае прадстаўніцтва – гэта ўнікальная магчымасць для беларускай супольнасці. Тут мы гаворым не толькі пра беларускую дыяспару, але пра ўсіх беларусаў, якія могуць галасаваць на выбарах у КР. Але для дыяспары КР – гэта такі важны інструмент, які дазваляе ўзнятыя праблемы даносіць да кіраўніцтва краінаў, альбо да міжнародных структур. І КР мае такія інструменты, таму для мяне, натуральна, гэта тэма нумар адзін. Я з задавальненнем паўдзельнічаў у дэбатах, і было бачна, што яны выклікалі цікаўнасць прысутных.
Таксама іншыя пытанні. Я б назваў на першых месцах гісторыі поспехаў з розных краінаў, дзе прадстаўнікі дыяспары згуртаваныя і разам займаюцца вырашэннем сваіх пытанняў, дзе яны ўжо наладзілі сувязі з нацыянальнымі ўладамі, альбо на мясцовым узроўні ўздымаюць праблемы беларусаў і паспяхова іх вырашаюць. Відавочна, што такі пазітыўны досвед павінен пашырацца.
РР: Адметна, што сама канферэнцыя ўключае некалькі фарматаў таго, як усё адбываецца. Дзесьці гэта дыскусія, дзесьці гэта штосьці кшталту круглага стала. Якая з гэтых формаў найбольш прадуктыўная, на Ваш погляд?
Юры Губарэвіч: Як правіла, праца ў малых групах прыносіць большы плён, таму што людзі больш раскрываюцца і ў кожнага ўдзельніка ёсць магчымасць выказацца. Але таксама і панэльныя дыскусіі былі цікавыя, асабліва сваімі спікерамі. І кожная тэма ў нечым нагадвала людзям з розных краінаў, што падобныя праблемы існуюць і ў іх. І вось цікава паслухаць і іншы досвед. Важна, што за гэтыя два дні камунікацыя не спынялася ні на хвіліну. Я бачыў, што праца працягваецца і ў кулуарах, і падчас перапынкаў людзі абменьваюцца паміж сабой інфармацыяй, заводзяць новыя знаёмствы. Гэта вялікае інтэграцыйнае мерапрыемства таксама.
Цалкам гутарка: https://racyja.com/by/palityka/jury-hubarevic-pra-v-kanferencyju-belarusau-svetu/