Перайсці да змесціва

Рэпрэсіі не зменяць нашую пазіцыю — мы ідзем на выбары

07 мая, 2026
Сёння распачаліся масавыя ператрусы, спробы шантажу, пераследу з боку спецслужбаў рэжыму ў адносінах да сваякоў многіх кандыдатаў кааліцыі «Латушка і Рух "За Свабоду"» на выбарах у Каардынацыйную Раду.

Рэжым зноў спрабуе выкарыстаць свой адзіны інструмент — страх. Сілавікі прыйшлі ў дамы да ні ў чым не вінаватых людзей, спадзяючыся, што гэты ціск прымусіць нас адступіць і адмовіцца ад барацьбы.

Аднак гэтыя рэпрэсіі не зменяць нашую пазіцыю — мы ідзем на выбары. Гэты ціск толькі пацвярджае, што Каардынацыйная Рада з'яўляецца рэальнай палітычнай альтэрнатывай і пагрозай для дыктатуры. Мы не маем права спыняцца, бо нясем адказнасць перад беларусамі, якія чакаюць пераменаў.

Мы звяртаемся да беларусаў з заклікам падтрымаць нас на выбарах у Каардынацыйную Раду, якія пройдуць з 11 па 17 мая.

Хочам асабліва падкрэсліць, што, нягледзячы на рэпрэсіі ў дачыненні да кандыдатаў, сам удзел у выбарах у якасці выбаршчыка з'яўляецца абсалютна бяспечным. Гэта ўжо было даказана мінулай кампаніяй. Выбары з 11 па 17 мая будуць праходзіць на самай надзейнай блокчэйн-платформе, архітэктура якой была выкарыстана ў выбарах у КР 2024 года і робіць немагчымым атрыманне даных пра тых, хто прагаласаваў.