Перайсці да змесціва

Каардынацыйная рада прапануе новы падыход да рэгулявання палітычных партый у Беларусі

30 лістапада, 2025

На агульным пасяджэнні Каардынацыйнай рады адбыліся адкрытыя слуханні праекта новага Закона Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях», які прапануе прынцыпова іншы падыход да рэгулявання партыйнай сістэмы ў краіне.

Дакумент, распрацаваны Камісіяй па рэформах і падрыхтоўцы да пераходнага перыяду пад кіраўніцтвам старшыні Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, прапануе празрыстыя правілы стварэння і дзейнасці палітычных партый, унутраную дэмакратыю і дзяржаўныя гарантыі ад пераследу.

«Ён каардынальна адрозніваецца ад сённяшняга закона, які рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае для кантролю і абмежавання палітычнай дзейнасці. Цяперашняе заканадаўства мае хутчэй рэпрэсіўны характар і не дазваляе незалежным палітычным сілам працаваць у паўнавартасных умовах. Таму натуральна, што змены наспелі — і гэтыя змены выкладзены ў новай канцэпцыі законапраекта», — адзначыў Юрый Губарэвіч.

Прапанаваны законапраект прадугледжвае празрыстую рэгістрацыю партый, абавязковыя ўнутраныя выбары кіраўніцтва, фінансавую адкрытасць і выразныя гарантыі ад умяшання дзяржавы ў іх дзейнасць. Асобная ўвага ўдаецца стварэнню роўных умоў для ўдзелу партый у выбарах і абароне іх ад палітычнага ціску.

Каардынацыйная рада плануе працяг адкрытых слуханняў па іншых рэформатарскіх ініцыятывах, якія могуць стаць асновай для новага дэмакратычнага заканадаўства Беларусі.

Наступныя абмеркаванні запланаваныя:

  • 2 снежня — праект закона «Аб мясцовым самакіраванні»;

  • 8 снежня — праект закона «Аб амбудсмене».

Гэтыя дыскусіі маюць на мэце сфарміраваць бачанне новай, адкрытай і дэмакратычнай сістэмы кіравання Беларусі, якая будзе заснаваная на прынцыпах празрыстасці, падсправаздачнасці і павагі да грамадзянскіх правоў.


Апошнія навіны