Перайсці да змесціва

У Радзе Эўропы заклікалі адрозніваць рэжым Лукашэнкі ад народу Беларусі

27 красавіка, 2023

27 красавіка ў Страсбургу прэзентавалі даклад аб беларускіх уцекачах «Спэцыфічныя выклікі, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні».

Дакладчыкам выступіў прадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дэпутат з Люксэмбургу Поль Галь, які ў сакавіку наведваў Польшчу і Літву, каб пагутарыць з уладамі і з беларускімі ўцекачамі аб іх праблемах.

У паседжанні браў удзел старшыня Руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч.
У сваім выступе палітык акрэсліў увесь шэраг праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы, вымушаныя пакінуць радзіму. 

Асабліва сканцантраваў увагу на пытаннях магчымасці патрапіць у краіны ЕЗ і шэнгенскую прастору, складанасці атрымання віз ў Беларусі як для людзей, якія падвяргаюцца ці патэнцыйна могуць падвяргацца пераследу за свае перакананні, так і чальцоў сем’яў тых, хто з’ехаў.

"Многія мусілі тэрмінова выехаць у краіны безвізу з Беларуссю (Грузія, Арменія, Турцыя і іншыя). Гэтыя краіны не заўсёды могуць быць дастаткова бяспечнымі для беларускіх уцекачоў, таму частка нашых грамадзян прымае рашэнне пераехаць у краіны ЕЗ, дзе ўжо могуць адчуваць сабе пад поўнай абаронай, але атрыманне візаў у трэціх краінах для грамадзян Беларусі ўяўляе складанасці."

Таксама Юрый Губарэвіч адзначыў у выступе і тое, што не ўсе міграцыйныя службы краін ЕЗ аднолькава разумеюць складаную сітуацыі ў Беларусі.


"Часам нашым грамадзянам адмаўляюць у атрыманні прытулку, легалізацыі, на падставе таго, што па меркаванням міграцыйных службаў некаторых краін ЕЗ, сітуацыя не настолькі небяспечная і беларусы нібы могуць свабодна выязджаць і вяртацца ў краіну, не рызыкуючы патрапіць пад пераслед. Такая сітуацыя патрабуе дадатковай інфармацыйнай і тлумачальнай працы з міграцыйнымі службамі."

Чытаць https://www.svaboda.org/a/32382012.html