Перайсці да змесціва

Сябры Руху “За Свабоду” падалі скаргу ў Вярхоўны суд з-за адмовы ў рэгістрацыі

16 ліпеня, 2008

Сябры аргкамітэта праваабарончага асветніцкага грамадскага аб'яднання (ППГА) "Рух "За Свабоду" 15 ліпеня падалі скаргу ў Вярхоўны суд на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб нерэгістрацыі аб'яднання.

Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік кіраўніка руху Юрась Губарэвіч.

Паводле яго слоў, заснавальнікі грамадскага аб'яднання лічаць пазапраўным рашэнне Міністэрства юстыцыі ад 19 чэрвеня аб адмове ў рэгістрацыі ППАА на падставе парушэння членамі руху патрабаванняў заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь да пачатку яго афіцыйнай дзейнасці. Такім чынам абмяжоўваецца канстытуцыйнае права грамадзян на аб'яднанне, гаворыцца ў скарзе.

Аўтары звароту ў суд зазначаюць, што свабода асацыяцый гарантуецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, а таксама нормамі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыяй Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб правах і асноўных свабодах чалавека.

Заяўнікі просяць прызнаць рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў рэгістрацыі руху "За Свабоду" неправамерным, якое парушае правы грамадзян, а таксама абавязаць Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь правесці дзяржаўную рэгістрацыю ППАА "Рух "За Свабоду".

Нагадаем, 14 мая 2008 года ўсе дакументы, неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі ППГА "Рух "За Свабоду", былі паўторна накіраваны на разгляд у Мінюст. 19 чэрвеня 2008 года заснавальнікамі аб'яднання было атрымана паведамленне Мінюста, у якім адзначалася, што рашэннем ад 13 чэрвеня 2008 года адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі.

"У лісце, атрыманым 19 чэрвеня, чыноўнік міністэрства аналізуе выступленні і публічныя заявы Аляксандра Мілінкевіча і іншых прадстаўнікоў руху. У выніку ён прыходзіць да высновы, што рэальныя мэты стварэння і дзейнасці аб'яднання не адпавядаюць заяўленым у статуце. Рэальнымі называюцца палітычныя, а не праваабарончыя мэты стварэння руху." Ю.Губарэвіч.

"Я не разумею, як міністэрства можа вызначаць мэты яшчэ не створанай арганізацыі і ацэньваць яе дзейнасць у будучыні. Паколькі ў судзе аргументы будуць разглядацца па сутнасці, нам будзе вельмі цікава пачуць, чаму Мінюст узяў на сябе ролю прарокаў", — сказаў Ю.Губарэвіч.

"Сваімі спробамі прайсці афіцыйную рэгістрацыю мы дэманструем жаданне працаваць у прававым полі. Калі дзяржава лічыць, што грамадзяне не павінны ў ім знаходзіцца, гэта яе праблемы. Безумоўна, мы і надалей будзем праводзіць устаноўчыя сходы і бясконца падаваць дакументы на рэгістрацыю", — сказаў ён.