Перайсці да змесціва

Мінюст з чацвёртага разу зарэгістраваў Рух "За Свабоду"

17 снежня, 2008

Міністэрства юстыцыі Беларусі з чацвёртага раза зарэгістравала рух "За Свабоду". Як паведаміў БелаПАН адзін з членаў аргкамітэта па стварэнні Руху Юрый Губарэвіч, рэгістрацыйнае пасведчанне за нумарам 2020 атрымана 17 снежня.

"Гэта лагічнае рашэнне Мінюста, паколькі, як мы лічым, ніякіх падстаў для нерэгістрацыі аб'яднання няма і не было падчас папярэдніх спроб зарэгістраваць рух, — заявіў Ю.Губарэвіч. — Мы спадзяемся, што ўслед за рэгістрацыяй нашага руху Мінюст прыме аналагічныя рашэнні і адносна іншых грамадскіх арганізацый, якія імкнуліся перайсці да легальнай формы дзейнасці".

"Ніякай эйфарыі наконт гэтага рашэння мы не адчуваем. Мы працуем і маем намер працаваць далей, як і раней, у складзе аргкамітэта", — падкрэсліў палітык.

Рэгістрацыя рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Рух "За Свабоду" — гэта праява палітычнай кан'юнктуры, а не вынік сістэмнага дзеяння ўладаў па лібералізацыі сітуацыі ў краіне. Такое меркаванне выказаў БелаПАН намеснік старшыні руху Віктар Карняенка.

Дакументы аб рэгістрацыі актывісты арганізацыі атрымалі 17 снежня. Рух "За Свабоду" зарэгістраваны з чацвёртай спробы. Двойчы ў 2007 годзе і адзін раз у цяперашнім Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі, прад'яўляючы прэтэнзіі да фармулёвак статута, а таксама да парадку правядзення ўстаноўчых канферэнцый па стварэнні РГА. Спробы апратэставаць рашэнні Мінюста ў Вярхоўным судзе былі беспаспяховымі.

Асноўная мэта праваабаронча-асветніцкага РГА "Рух "За Свабоду" - абарона правоў і свабод чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Беларусі і міжнародных дакументах па правах чалавека, а таксама асвета грамадзян у гэтай сферы.

"Мы атрымалі рэгістрацыйнае пасведчанне не па добрай волі ўлады, а таму што імя старшыні аб'яднання — Аляксандра Мілінкевіча — на слыху ў Еўропе. Такім чынам улада мае намер зарабіць сабе ачкі ў перамовах з Еўропай", — мяркуе В.Карняенка.

Паводле яго слоў, для рэальнай лібералізацыі ўлада павінна прыняць "больш сістэмныя крокі". "Гаворка ідзе найперш аб тым, каб выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193-1, які прадугледжвае пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванага аб'яднання. Каб грамадскія аб'яднанні маглі развівацца, неабходна выключыць з заканадаўства пункт аб тым, што НДА павінны мець юрыдычны адрас у нежылым офісным памяшканні. Зарэгістраваны павінны быць усе арганізацыі, а не толькі арганізацыі, а не толькі".

Сярод НДА, якія па віне ўладаў застаюцца незарэгістраванымі, палітык назваў грамадскія аб'яднанні "Гарызанталь", "Старшыны", праваабарончы цэнтр "Вясна" і шэраг іншых.

“Я не выключаю, што рэгістрацыя “Руху “За Свабоду” — гэта толькі пачатак працэсу. Але для таго каб казаць аб нармалізацыі адносін з Захадам, неабходны наступныя крокі, і толькі пасля іх мы зможам казаць пра нейкую "адлігі", — сказаў В.Карняенка.