Рух «За Свабоду» уручае прэмію імя Віктара Сырыцы — выбітнага баранавіцкага краязнаўцы, гісторыка і актывіста, каардынатара мясцовай суполкі руху, які раптоўна пайшоў з жыцця ў 2015 годзе.
Прэмія была заснаваная ў 2016 годзе, каб ушаноўваць памяць пра Віктара і падтрымліваць актывістаў, якія сваімі рэгіянальнымі ініцыятывамі робяць вялікі ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці.
Лаўрэатам прэміі ў 2018 стаў Ігар Станкевіч — за кампанію «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы», прысвечаную ўвекавечанню памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў пад Оршай.
Ігар пачаў з асабістага пошуку ў архівах па ўласным радаводзе і выявіў вялікі спіс расстраляных падчас хвалі рэпрэсій. У кастрычніку 2017 года ён вырашыў, што памяць гэтых людзей трэба ўшаноўваць незалежна ад пазіцыі ўладаў. Ён усталяваў каля Оршы 11 памятных шыльдаў. З цягам часу да ініцыятывы далучыліся іншыя актывісты, і народны мемарыял у Кабыляках вырас ужо да больш як дзесяці крыжоў і некалькіх дзясяткаў шыльдаў.
«Я быў вельмі ўзрушаны. У людзей ёсць патрэба памятаць сваіх продкаў, незалежна ад таго, што ўлады не хочуць гэтага. У людзей ёсць патрэба», — сказаў Ігар Станкевіч.
Сёння ён працягвае працу: дапамагае людзям атрымліваць у архівах інфармацыю пра рэпрэсаваных і раскулачаных сваякоў.
Старшыня Руху Юрый Губарэвіч адзначыў, што прэмія імя Сырыцы працягвае яго справу:
«Віктар Сырыца быў шматгадовым сябрам Рады Руху “За Свабоду”, заснавальнікам арганізацыі, прыкладам, які натхняў паплечнікаў. Мы прэміяй ягонага імя імкнемся падтрымаць людзей, якія працуюць у рэгіёнах і ствараюць важныя ініцыятывы, часта не маючы магчымасці выйсці на нацыянальны ўзровень».
Губарэвіч падкрэсліў, што ініцыятывы, скіраваныя на ўшанаванне памяці ахвяраў сталінізму, надзвычай важныя, бо ўлады імкнуцца замоўчваць гэтую тэму. «Калі памяць пра ахвяраў будзе страчаная, гісторыя можа паўтарыцца», — адзначыў ён.