Старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч узяў удзел у саміце Еўрапейскай народнай партыі (EPP) краін Усходняга партнёрства, дзе абмяркоўваліся пытанні рэгіянальнай бяспекі, дэмакратычных пераменаў і ролі Беларусі ў еўрапейскім кантэксце.
Падчас свайго выступу Губарэвіч падкрэсліў, што Беларусь павінна зрабіць выразны выбар у карысць еўрапейскіх каштоўнасцяў і цывілізацыйнай мадэлі.
«Сёння захаванне нейкай ідэальнай нейтральнасці паміж такімі двума геапалітычнымі цэнтрамі, як Еўрапейскі саюз і Расія, — немагчымае. Гэта ўтопія», — заявіў лідар Руху.
Паводле яго, спроба балансаваць паміж Усходам і Захадам прывяла да ізаляцыі краіны і страты суб’ектнасці. «Беларусь павінна быць часткай еўрапейскай сям’і, дзе паважаюцца правы чалавека, закон і годнасць асобы», — адзначыў Губарэвіч.