Перайсці да змесціва

Паездка дэлегацыі Моладзі Руху «За Свабоду» ў Швецыю

07 кастрычніка, 2025

Дэлегацыя Моладзі Руху «За Свабоду» наведала Швецыю, дзе прыняла ўдзел у праграме «Палітычная акадэмія» і ў кангрэсе Хрысціянска-дэмакратычнай партыі (Kristdemokraterna).

 Паездка адбылася ў межах міжнароднага супрацоўніцтва паміж беларускімі і шведскімі партнёрамі, якія падтрымліваюць дэмакратычныя перамены і развіццё маладога пакалення лідараў у Беларусі.

Падчас «Палітычнай акадэміі» ўдзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з тым, як у Швецыі арганізаваны працэс прыняцця палітычных рашэнняў, як працуе партыйная сістэма і як выбудоўваюцца ўзаемаадносіны паміж партыямі, урадам і грамадзянскай супольнасцю. Асобная ўвага была прысвечана механізмам пабудовы эфектыўных палітычных кампаній — ад працы з выбаршчыкамі да фармулявання мэсыджаў, камунікацыі ў СМІ і выкарыстання сацыяльных сетак.

Моладзевыя актывісты Руху таксама даведаліся пра гісторыю і ідэалагічныя асновы хрысціянскай дэмакратыі, якая спалучае павагу да асобы, свабоду, салідарнасць і адказнасць. Шведскія партнёры падзяліліся досведам, як іх партыя захоўвае каштоўнасці ў сучасных умовах, пры гэтым прыстасоўваючыся да новай палітычнай і медыйнай рэальнасці.