У МЗС і Сейме Польшчы сустрэліся з беларускімі палітыкамі
Pyx
4 ліпеня прайшлі сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў, а ў міжнароднай камісіі Сэйма Польшчы адбыліся слуханьні па грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі.
Сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх партый і грамадзкіх арганізацый, якія знаходзяцца ў апазыцыі да цяперашніх улад Беларусі, і прадстаўнікоў улад Польшчы адбываюцца ў Варшаве рэгулярна. Гэтым разам у Варшаву прыбылі кіраўнікі вядучых апазыцыйных сіл: ад “Руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч, ад “Руху салідарнасьці “Разам” Ігар Лялькоў, ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, ад арганізацыі “Гавары праўду!” Тацьцяна Караткевіч, ад Беларускага нацыянальнага кангрэса Ўладзімір Някляеў, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім і Ганна Канапацкая.
Беларусы на працягу гадзіны вялі размову з намесьнікам міністра замежных спраў Польшчы Барташам Ціхоцкім. На гэтай сустрэчы таксама прысутнічалі кіраўнікі дэпартамэнтаў і аддзелаў міністэрства, якія адказваюць за ўсходнюю палітыку Польшчы.
Апрача сустрэчы ў МЗС адбылося слуханьне ў міжнароднай камісіі польскага Сэйма. Прысутнічалі члены камісіі, якія прадстаўлялі як кіруючую, так і апазыцыйныя партыі. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі беларускіх арганізацый у Варшаве (у прыватнасьці, Алесь Зарэмбюк ад фонда “Беларускі дом”).
Юрый Губарэвіч, кіраўнік “Руху “За свабоду”: Галоўны тэзіс перагавораў: Беларусь не застанецца без увагі Польшчы, і тыя прынцыпы палітыкі, якія заклаў яшчэ Ежы Гедройць, г. зн. падтрымка незалежнасьці суседніх з Польшчай краін, застаюцца актуальнымі і сёньня. Польшча хацела б бачыць Беларусь як моцнага суседа, які мае рэальную незалежнасьць і сувэрэнітэт і цьвёрда стаіць на нагах у эканамічным пляне. На думку польскіх суразмоўцаў, гэта немагчыма ў адрыве ад зьмены палітычнага клімату, ад рэальнай магчымасьці беларусам абіраць сваю ўладу.
У Варшаву плянаваўся таксама прыезд двух вядомых беларускіх палітыкаў — старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і лідара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікалая Статкевіча. Аднак напярэдадні візыту яны былі затрыманы беларускай міліцыяй. Іх крэслы на варшаўскіх сустрэчах былі пустыя.
Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі: Гэта крок сілавых структур Беларусі, якія традыцыйна выступаюць за міжнародную ізаляцыю Беларусі, за страту беларускай незалежнасьці, яны адчуваюць піетэт перад расейцамі. Затрыманьне Кастусёва і Статкевіча выклікала нэгатыўную рэакцыю ў польскім Сэйме і не палепшыла міжнародны імідж Беларусі. Гэтыя затрыманьні паказваюць сытуацыю ў Беларусі такой, якая яна ёсьць на самай справе: брутальнае парушэньне правоў чалавека, адсутнасьць у краіне дэмакратычных свабод. Такія выпадкі робяць немагчымым паглыбленьне адносін паміж Эўрапейскім саюзам і Беларусьсю.
На сустрэчах у Варшаве прадстаўнікі Беларусі паднялі таксама пытаньне аб дыскрымінацыі беларускай мовы ў Беларусі. З дакладам на гэту тэму выступіла Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы.
Алена Анісім: Падчас сустрэчы я падзякавала польскаму ўраду за тую падтрымку, якую ён аказвае СМІ і іншым праектам грамадзянскай супольнасьці, у аснове якіх ляжыць пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ўнутры Беларусі. І я зьвярнула ўвагу на тое, што для нас беларуская мова зьяўляецца фактарам нацыянальнай бясьпекі. Гэта паказалі і падзеі ва Ўкраіне, і вопыт усіх дзяржаў, якія будуюцца на аснове нацыянальнай мовы і культуры. Гэта той цэмэнт, які фарміруе нацыю, нацыянальную ідэнтычнасьць і забясьпечвае ўстойлівае разьвіцьцё краіны.
Юрый Губарэвіч: Нашы польскія калегі разумеюць моўную праблему ў Беларусі. Для іх гучыць натуральным, што асноўная нацыя, якая фарміруе краіну, павінна мець магчымасьць карыстацца сваёй мовай, і любыя зьнешнія ўплывы толькі аслабляюць незалежнасьць.