Перайсці да змесціва

Свята незалежнасці 2018: як прайшоў Дзень Волі ў Беларусі

01 красавіка, 2018

Рух “За Свабоду” прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі Свята незалежнасці 2018 у Менску, рэгіянальныя актывісты сталі арганізатарамі, заяўнікамі і ўдзельнікамі святаў у Баранавічах, Лідзе, Брэсце, Гомелі, Віцебску, Гродне, Магілёве.

Свята незалежнасці ў Мінску

Дзеля святкавання 100-годдзя стварэння БНР у Мінску быў створаны шырокі аргкамітэт, удзельнікам якога стаў і Рух «За Свабоду». Першая намесніца старшыні Руху Галіна Скараход стала адным з заяўнікаў акцыі — шэсця і мітынга ў цэнтры горада. Але мінскія ўлады не дазволілі гэты варыянт святкавання.

Пасля гэтага 28 лютага Рух «За Свабоду», грамадскае аб’яднанне «БНФ «Адраджэньне», Інфармацыйна-асветніцкая установа «Амарока», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) падалі новую заяўку на правядзенне 25 сакавіка мітынгу і канцэрта. Арганізатары разлічвалі на 25 тысячаў удзельнікаў свята на пляцоўцы ля тэатра оперы і балета. Улады дазволі святкаванне.

На 25 сакавіка з 13 да 19.00 арганізатары падрыхтавалі грунтоўную праграму. Адной з цэнтральных падзеяў стаў урачысты мітынг, пад час якога была зачытаная ўстаўная грамата пра абвяшчэнне незалежнасці БНР, а таксама музычная частка. Пад час усяго свята працавалі тэматычныя пляцоўкі: «Вуліца БНР» з прэзентацыйнымі стэндамі і зонамі актыўнасцяў ад грамадскіх і палітычных арганізацый краіны, «Ежа БНР» з кропкамі харчавання, «Кірмаш БНР» з сувенірамі, «Дзеткі БНР» з заняткамі для дзяцей.

https://www.youtube.com/watch?v=z8RveVSs8Fs

Рух "За Свабоду" на "Вуліцы БНР

Асноўныя актыўнасці Руху "За Свабоду" разгарнуліся на Вуліцы БНР. У нас можна было зрабіць маментальны фотаздымак на памяць пра свята, паўдзельнічаць у латэрэі, атрымаць інфармацыю пра дзейнасць арганізацыі, далучыцца да яе працы.

"Мы шэсць гадзінаў прысутнічалі на гэтай тэрыторыі свабоды, пад нашымі сцягамі, з нашай мовай, з нашымі музыкамі. Я перакананы, што гэтае пачуццё кожны з нас панясе на ўсю Беларусь, і Беларусь стане свабоднай!" - адзначыў у заключным выступе на святочным мітынгу Губарэвіч.

Дзень Волі ў рэгіёнах

Сябры Руху "За Свабоду" спрычыніліся да арганізацыі святкавання 100-годдзя БНР у шэрагу рэгіянальных гарадоў. Вулічны фэстываль адбыўся ў Брэсце.

"Нашае грамадства маладое. Застаецца шмат не вырашаных праблемаў. Меркаванні грамадзян не заўсёды ўлічваюцца ўладамі. Ёсць нараканні і на тое, як праводзяцца выбары. Грамадства пакуль не саспела, каб адстойваць свае палітычныя правы. Але свабода і незалежнасць краіны сталі базавымі каштоўнасцямі. І галоўнае, што мы прыйшлі сюды не па разнарадцы зверху, а па ўласнай волі, каб адзначыць гадавіну адной з лёсавызначальных падзей для беларускай дзяржаўнасці", - звярнуўся да ўдзельнікаў свята сябра Руху "За Свабоду" Дзмітрый Шыманскі.

Сябры Руху "За Свабоду" арганізавалі святкаванне 100 год БНР ў Баранавічах. Упершыню за шмат год у гэтым годзе быў атрыманы дазвол на правядзенне вулічнага фэстывалю з мітынгам.

"Сёння ў нас вялікі дзень, каб 100 год таму не было кароткай гісторыі БНР, не было б потым гісторыі БССР, магчыма, у 90-ых гадах не з'явілася б Рэспубліка Беларусь і не стаялі мы пад бел-чырвона-белымі сцягамі", - адзначыў брэсцкі абласны каардынатар Руху "За Свабоду" Юрый Казакевіч.

У праграме фэстывалю былі выступы палітыкаў, гісторыка Ігара Мельнікава, барда Змітра Бартосіка, выстава-продаж рамеснікаў.

Сумесны канцэрт з мясцовымі ўладамі арганізавалі лідскія актывісты, у тым ліку Руху "За Свабоду". Сярод выступоўцаў быў мінскі бард Зміцер Захарэвіч і лідскі Сяргей Чарняк, вечарыну вялі паэт Алесь Хітрун і дырэктарка музея Ганна Драп. Перад удзельнікамі з лекцыяй пра гісторыю БНР выступіў гарадзенскі прафесар Аляксей Пяткевіч.