Перайсці да змесціва

Канферэнцыя "Кадравы рэзерв новай Беларусі. Выклікі і перспектывы"

23 снежня, 2022

Учора ў Варшаве прайшла канферэнцыя "Кадравы рэзерв новай Беларусі. Выклікі і перспектывы."

Канферэнцыя была арганізавана Рухам “За Свабоду” пры ўдзеле прадстаўнікоў Аб'яднага Пераходнага Кабінета Беларусі.

Спікерамі былі: Павел Латушка, Анатоль Лябедзька, Арцём Праскаловіч і Віталь Макаранка. Яны агучылі свае погляды на сітуацыю са спецыялістамі ў новай Беларусі і адказалі на пытанні аўдыторыі.

«За 28 гадоў існавання рэжыму зроблена ўсё магчымае, каб тыя людзі, якія маюць незалежныя погляды былі пазбаўлены працы ў дзяржаўным апараце. Тыя людзі, якія маюць уласныя погляды на развіццё той сферы, у якой яны працуюць, якія праяўляюць ініцыятыву - такія людзі не патрэбныя сістэме», - падкрэсліў Юрась Губарэвіч.

«Таму пытанне кадравай палітыкі пад час транзітнага перыяду, падрыхтоўкі да гэтага перыяда з пункту гледжання кадраў з’яўляецца ключавым. І гэта выклік. Для якога патрэбны рэсурсы: інтэлектуальныя, матэрыяльныя, арганізацыйныя і чалавечыя. Мы пачалі працаваць ў гэтым кірунку. 
Але вельмі важна, - як адзначыў Павел Латушка, - дасягнуць грамадска-палітычнай максімальна шырокай кааліцыі, згоды па тых базавых і ключавых момантах, якія нам патрэбна вырашыць да таго моманту, калі наступіць транзітны перыяд».

Мэта “Кадравага Рэзерва” падабраць людзей, якія маюць добрую адукацыю, матывацыю, амбіцыі для таго, каб быць у камандзе пераменаў, падрыхтаваць іх належным чынам праз адукацыйныя праграмы, стажыроўкі ў профільных ведамствах дэмакратычных краін свету, сфарміраваць каманду і быць гатовымі для ажыцяўлення рэформаў, калі настане той дзень, калі перамены ў Беларусі адбудуцца.

Удзельнікамі канферэнцыі таксама сталі прадстаўнікі Народных Амбасадаў Беларусі, якiя працуюць у розных краiнах свету.

Падрабязней пра «Кадравы рэзерв» чытайце на сайце http://pr-belarus.org/