Перайсці да змесціва

Мінюст адмовіў у рэгістрацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Рух 'За свабоду'"

23 ліпеня, 2007

Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання (РГА) "Рух "За свабоду".

Як паведаміў БелаПАН адзін з сузаснавальнікаў арганізацыі Аляксей Кавалец, афіцыйны адказ Мінюста ён атрымаў 21 ліпеня. У дакуменце змяшчаюцца прэтэнзіі да фармулёвак статута РГА. Паводле слоў А.Кавальца, прэтэнзіі гэтыя "абсалютна не абгрунтаваны і самі сабе супярэчаць". Адказ Мінюста - яшчэ адно пацверджанне таму, што "рэжым і не збіраецца ісці ні на якія саступкі, ні на якую лібералізацыю", лічыць сузаснавальнік аб'яднання.

А.Кавалец паведаміў, што юрысты ўжо пачалі вывучаць адказ чыноўнікаў, і найбліжэйшым часам будуць вызначаны далейшыя дзеянні аргкамітэта па стварэнні руху "За свабоду". Не выключана, што дзеянні Мінюста будуць абскарджаны ў судовым парадку.

Нагадаем, што ўстаноўчы сход РГА "Рух "За свабоду" адбыўся ў Гродне 20 мая. Сярод галоўных напрамкаў дзейнасці арганізацыі — абарона правоў чалавека, пабудова грамадзянскай супольнасці, забеспячэнне незалежнасці і суверэнітэту, правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў.

Дакументы на рэгістрацыю аб'яднання былі пададзены ў Мінюст 18 чэрвеня. Як заявіў тады журналістам лідэр РГА, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, рэгістрацыя руху "з'яўляецца адным з індыкатараў дэмакратызацыі сённяшняга аўтарытарнага рэжыму". "На такой пазіцыі стаяць і еўрапейскія палітыкі. Сітуацыя са свабодай асацыяцый у нашай краіне за апошні час значна пагоршылася. За апошнія тры гады было ліквідавана больш за 200 недзяржаўных грамадскіх аб'яднанняў і не зарэгістравана ніводнага, якое не было б прамым або ўскосным чынам звязана з дзяржавай", — зазначыў А.Мілінкевіч.


Апошнія навіны