У 2011 годзе, пасля жорсткага разгона Плошчы 19 снежня 2010 года, Рух «За Свабоду» разам з партнёрскімі арганізацыямі і партыямі на працягу некалькіх месяцаў праводзіў кампанію «Страху няма!».
Кампанія была скіраваная на:
-
разбурэнне атмасферы страху ў грамадстве;
-
стварэнне настрою салідарнасці і адзінства;
-
раскрыццё творчага патэнцыялу ўдзельнікаў;
-
кансалідацыю прыхільнікаў пераменаў на аснове агульнай перамогі над страхам, які навязвае дыктатура.
Намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч адзначаў, што прызнанне пра факты катаванняў у турме КДБ экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Міхалевіча стала сапраўдным грамадзянскім учынкам і прыкладам для іншых:
«Заява Аляксандра Міхалевіча, па сутнасці, стала пачаткам кампаніі “Страху няма!”. Мы павінны рабіць усё магчымае, каб разбурыць сістэму татальнага страху, якую стварае ў грамадстве ўлада. У прыватнасці, факты незаконных дзеянняў і катаванняў павінны быць публічна агалошаныя».
Ініцыятарамі выступілі суб’екты грамадзянскай акцыі «Беларускі выбар»:
Улады рабілі ўсё магчымае, каб запалохаць грамадзян, каб у людзей знікла жаданне змагацца за свае правы і свабоды. Кампанія «Страху няма!» падкрэслівала: у такі момант асабліва важна супрацьстаяць татальнаму страху, які навязваецца праз рэпрэсіі і ціск на грамадзянскую супольнасць.
Заклік кампаніі просты і моцны: беларусы не павінны баяцца. Найлепшая зброя супраць страху — публічнасць і галоснасць.