Прэзідэнцкія выбары 2020
У пачатку 2020 года ўпершыню за апошнія 15 гадоў дэмакратычныя сілы Беларусі дамовіліся аб правядзенні працэдуры праймерыз (Народнага галасавання) для вызначэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты.
Да ініцыятывы далучыліся Рух «За Свабоду», Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
Мэта праймерыз — кансалідаваць апазіцыйныя сілы і прадэманстраваць гатоўнасць беларускага грамадства да пераменаў праз дэмакратычныя механізмы. Гэтая працэдура стала спробай стварыць рэальную альтэрнатыву аўтарытарнай уладзе і вярнуць выбарам ролю сапраўднага інструмента змены ўлады.
Рух «За Свабоду» прапанаваў стратэгію «Плошча па-новаму», якая павінна стаць альтэрнатывай і кансалідаваць прыхільнікаў пераменаў. Асноўныя задачы:
-
дэманстрацыя салідарнай большасці праз арганізацыю масавай Плошчы напярэдадні галасавання,
-
стварэнне інструмента ціску на ўладную сістэму, якая арганізуе фальсіфікацыі,
-
падрыхтоўка глебы для магчымых паслявыбарчых пратэстаў і страйкаў у выпадку чарговай крадзежкі галасоў.
Прынцыпова важна, каб вулічныя акцыі адбываліся толькі пасля рэгістрацыі адзінага кандыдата, што дазволіць арганізоўваць іх легальна, у межах агітацыйнай кампаніі. Гэта знізіць рызыку рэпрэсій і дасць магчымасць далучыць значна больш грамадзян.
Вялікая ўвага надавалася таксама падрыхтоўцы да татальнага назірання — стварэнню сеткі назіральнікаў і валанцёраў на кожным выбарчым участку.
Падтрымка Еўрапейскай народнай партыі
Правоцентрысцкая кааліцыя і працэдура вызначэння адзінага кандыдата атрымалі падтрымку ад Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП). У адмысловым лісце старшыня ЕНП Дональд Туск адзначыў:
«Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, вам удалося дагрукацца да грамадзянаў і прадставіць моцныя меседжы, заснаваныя на нашых агульных еўрапейскіх каштоўнасцях. Важна трымацца адзінства, асабліва перад наступнымі выклікамі: прэзідэнцкімі выбарамі, якія пры Лукашэнку ніколі не былі свабоднымі і справядлівымі, пагрозамі з боку Расіі і пандэміяй COVID-19».